Белазар - гэта праграма машыннага перакладу тэкстаў з рускай мовы на беларускую, і зваротна. Белазар аўтаматызуе працэс перакладу ў зазначаных кірунках, даючы карыстачу гатовы чарнавы варыянт перакладу, падказвае варыянты перакладу любога слова, падсвятляе неперакладзеныя словы і словы з магчымымі арфаграфічнымі памылкамі.
Праграма прызначана для працы ў Windows XP SP3, 2003, Vista, 7. Белазар распаўсюджваецца бясплатна для некамерцыйнага выкарыстання, і не мае ніякіх абмежаванняў па часе выкарыстання і колькасці запускаў!
Праграма дазваляе рабіць пераклады як з рускай мовы на беларускую - гэтак і наадварот. Пры гэтым пры даданні новага перакладу ў адзін слоўнік (напрыклад, руска-беларускі) - ён аўтаматычна дадаецца і ў іншы (беларуска-рускі).
Захоўванне слоўнікавых артыкулаў у выглядзе словаформаў
Пры даданні новага слова ці словазлучэння ў слоўнік, праграма фармуе і захоўвае таксама ўсе яго формы. Напрыклад, для назоўніка могуць быць пабудаваны 12 словаформаў, а для дзеяслова (закончанае + незакончанае трыванне) - цэлых 30!
Магчымасць перакладу кароткіх выразаў
Белазар можа перакладаць слова адной мовы ў словазлучэнне іншай мовы і наадварот, а таксама словазлучэнне ў словазлучэнне! Словазлучэнне можа ўтрымоўваць не больш за 5 слоў.
Інтэлектуальная карэктоўка перакладу
Белазар не проста перакладае тэкст адзін-у-адзін. Ён можа зрабіць, пры неабходнасці, карэктоўкі ў перакладзе, каб дасягнуць большай узгодненасці слоў у сказе.
Акуратнасць і дакладнасць апрацоўкі тэкстаў
Белазар можна выкарыстоўваць для перакладу html-старонак, ini-файлаў праграм, перакладаў праграмных інтэрфейсаў - ён не псуе тэгі, не збівае радкі, захоўваючы нязменнай структуру зыходнага файла.
Аўтаматычнае пераключэнне раскладак клавіятуры
Паўсюль у праграме, дзе ёсць такая неабходнасць, рэалізавана аўтаматычнае пераключэнне раскладак клавіятуры з рускай мовы на беларускую і назад. Вам нават няма патрэбы усталеўваць гэтыя раскладкі ў сістэме - Белазар самастойна ініцыялізуе іх падчас загрузкі, і скіне падчас выхаду з праграмы!
Арфаграфічны кантроль беларускага тэксту
У Белазары версіі 2.0 з'явіўся арфаграфічны аналізатар беларускага тэксту. Кантроль арфаграфіі грунтуецца на правілах напісання беларускіх слоў, і ўлічвае чашчыню з'яўлення тых ці іншых спалучэнняў літар у словах на беларускай мове.
Хуткасць працы
Белазар ствараўся з тым разлікам, каб спрасціць і паскорыць усе аперацыі, якія ў ім можна выконваць: ад устаўкі новых слоў у слоўнікі - да атрымання гатовага перакладу. "Гарачыя кнопкі" і іншыя прыстасаванні дазваляюць не выкарыстоўваць мыш у большасці аперацый.
Арфаграфічны аналіз
Убудаваны ў праграму арфаграфічны аналізатар тэксту дазваляе выявіць найболей распаўсюджаныя памылкі ў беларускай мове, а таксама словы з магчымымі памылкамі. Пачынальна з версіі 3.5 арфакантроль дапоўнены модулем чашчыннага аналізу літараспалучэнняў для беларускай і рускай моў, што прыкметна павялічыла якасць выяўлення магчымых памылак у тэкстах.
Падтрымка лацінкі
Белазар мае абмежаваную падтрымку беларускай лацінкі. Ёсць магчымасць імпартаваць тэкст, напісаны лацінкай, для рэдагавання ў праграме, а затым можна экспартаваць яго ў лацінку. Праграма падтрымлівае лацінку, захаваную ў кодавай старонцы СР1257 (Baltic), і ў фармаце HTML Unicode.
Пры стварэнні Белазара я не ставіў за мэту дасягнуць магчымасцяў Promt'а. Белазар яго перасягнуў :) таму што ні Promt, ні іншыя існыя праграмы машыннага перакладу і па сённяшні дзень не валодаюць беларускай мовай!
Паважаны наведвальнік, ты маеш магчымасць запампаваць на свой кампутар поўнафункцыянальную версію Белазара. Гэта версія дазваляе як выконваць пераклады з адной мовы на іншую, гэтак і дадаваць незнаёмыя словы ў слоўнік праграмы, выконваць арфаграфічны кантроль, выкарыстоўваць API Белазара і інш.